• Памятник скорбиПамятник скорби
  • РайисполкомРайисполком
  • ПаркПарк
  • Памятник в честь воинов танковой бригады, участвовавших в освобождении района от немецко-фашистских захватчиковПамятник в честь воинов танковой бригады, участвовавших в освобождении района от немецко-фашистских захватчиков
  • Краеведческий музей Краеведческий музей
  • Физкультурно-оздоровительный комплексФизкультурно-оздоровительный комплекс
  • Гостиница Гостиница
Главная -  25 годовщина аварии на ЧАЭС

25 годовщина аварии на ЧАЭС

Схема трассы
ХХ межгосударственного легкоатлетического пробега
"Колокола Чернобыля"

Памяць Чарнобыля

Содержание книги

Чернобыль в моей жизни – вступление
1. Историческая хроника чернобыльской трагедии
2. Хронология событий в Хойникском районе
3. Создание музея «Трагедия Чернобыля»
4. Боль моя – Чернобыль
5. История выселенных деревень
6. Этнография выселенных деревень
7. Связь с ближним и дальним зарубежьем
8. Экспозиция (памятник) «Скорбь»
9. Время страданий позади
10.Жить и созидать во имя будущего

25-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі. 26 красавіка 1986 года ў жыцці беларусаў пачаўся новы адлік  гісторыі – паслячарнобыльскі. Якімі падзеямі ён адметны, рэдакцыя "ХН" мяркуе расказаць у публікацыях пад рубрыкай "Да 25-й гадавіны аварыі на ЧАЭС". Увазе чытачоў прапаноўваецца першы матэрыял цыкла.

Думка аб напісанні кнігі пад назвай "Памяць Чарнобыля" з’явілася ў мяне каля двух гадоў назад, калі прыйшла да вываду, што ў музеі "Трагедыя Чарнобыля" сабралася дастаткова тэматычных  матэрыялаў. Але не кожны жадаючы можа прыехаць і азнаёміцца з экспанатамі  музея. Іх вырашыла сістэматызаваць і аб’яднаць у адзінае цэлае пасрэднасцю кнігі, якая павінна ўвекавечыць падзеі тых страшных дзён і дазволіць пазнаёміцца з імі шырокаму колу чытачоў.

Пачынаецца кніга маёй прадмовай, дзе, як ліквідатар аварыі на ЧАЭС,  успамінаю аб падзеях 1986 года. У прадмове пішу, што кніга "Памяць Чарнобыля" – гэта наш музей у мініяцюры, яе прызначэнне – аб атамнай катастрофе нельга забываць цяперашнім і трэба  ведаць будучым пакаленням нашай краіны.

Думаю, што чытачоў зацікавіць раздзел кнігі, дзе праследжваецца храналогія падзей пасля выбуху на рэактары ўвогуле і ў Хойніцкім раёне ў прыватнасці. Асобнай старонкай праходзяць лёсы ліквідатараў катастрофы на ЧАЭС, подзвіг пажарных, якія цаной сваіх жыццяў стварылі перашкоду атамнаму монстру. У кнізе змешчаны ўспаміны жыхароў адселеных тэрыторый, якіх з коранем адарвалі ад роднай зямлі, прымусілі пераехаць у бяспечныя месцы. Многія не змаглі прыжыцца на чужыне, вярнуліся на Хойнікшчыну.

Кніга павінна выйсці тыражом у адну тысячу экземпляраў у выдавецтве "Літаратура і мастацтва".

За тое, што мая кніга ў будучым убачыць свет, я ўдзячна многім людзям. І ў першую чаргу, члену Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь В.С. Аверыну. Пасля наведвання нашага музея, даведаўшыся аб тым, што ствараецца кніга і патрэбны грашовыя сродкі на яе выданне, Віктар Сяргеевіч параіў паўдзельнічаць у конкурсе праектных ініцыятыў, накіраваных на стварэнне спрыяльных умоў для эканамічнага і сацыяльнага развіцця рэгіёнаў, пацярпеўшых ад катастрофы на ЧАЭС. Наш праект быў адобраны і прадстаўлены да фінансавання ў памеры 7 тысяч долараў.

Рэха чарнобыльскай катастрофы будзе гучаць над планетай яшчэ не адно стагоддзе. Менавіта таму гісторыя гэтай бяды і гісторыя пераадольвання яе наступстваў заслугоўвае таго, каб людзі аб гэтым ведалі. Каб памяталі...

В. Гацко,
дырэктар музея
"Трагедыя Чарнобыля".

Мерапрыемствы прымеркаваныя да 25-й гадавіны
катастрофы на ЧАЭС   

Чвэрць стагоддзя спаўняецца сёлета ад таго спякотнага красавіцкага дня, які раздзяліў жыццё жыхароў нашага раёна на два перыяды – да- і паслячарнобыльскі. Памятная сумная дата будзе шырока адзначацца. Дзеля гэтага створаны арганізацыйны камітэт на чале з кіраўніком раёна А.В. Бічаном, распрацаваны план мерапрыемстваў, прымеркаваных да 25-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Напярэдадні 25 красавіка будзе праведзена Міжнародная канферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў дыпламатычных місій, а таксама Міжнародны лёгкаатлетычны прабег "Званы Чарнобыля" па тэрыторыі раёна да выселенага населенага пункта Бабчын з удзелам французскага лёгкаатлета. У трох матчах сустрэнуцца  італьянскія і хойніцкія футбалісты з ліку школьнікаў.

У карціннай галерэі краязнаўчага музея г. Хойнікі адкрыецца выстаўка жывапісных твораў італьянскіх і французскіх мастакоў.

Рыхтуюцца да друку дзве кнігі. Аўтарам адной з іх пад назвай "Памяць Чарнобыля" з’яўляецца дырэктар музея "Трагедыя Чарнобыля" В.А. Гацко, кранальныя ўспаміны свайго брата А.В. Дзейкуна, які на час аварыі працаваў у Хойніцкім РК КПБ, занатавала ў кнізе "Мой Чарнобыль" ураджэнка вёскі Партызанская Р.В. Дзяйкун.

n

У ходзе падрыхтоўкі юбілею аварыі на ЧАЭС будуць праведзены медыцынскія агляды ліквідатараў катастрофы, абследаваны жыллёва-бытавыя ўмовы ліквідатараў, арганізаваны вечары памяці, сустрэчы з удзельнікамі ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС.

Ва ўстановах адукацыі пройдуць лекцыі, гутаркі з навучэнцамі на тэму "Чарнобыль – трагедыя беларускай зямлі".   Да 25-годдзя аварыі на ЧАЭС прымеркаваны раённы фотакрос "Свет, у якім я жыву". Прадстаўленыя фотаздымкі будуць потым перададзены ў раённы краязнаўчы музей. Творчыя выстаўкі будуць арганізаваны ва ўстановах культуры, пройдуць раённыя спартыўна-масавыя мерапрыемствы.

Будзе праведзена маладзёжная акцыя "Памяць" са свечкамі, траурная цырымонія памяці ахвяр чарнобыльскай катастрофы ў Пакроўскай царкве. Апагеем святкавання з’явіцца мітынг ля помніка Смутку.

На юбілей запрашаецца многа гасцей, ураджэнцаў раёна, якія былі вымушаны ў сувязі з аварыяй пакінуць Хойнікшчыну. Каб іх дастойна сустрэць, мы павінны надаць прыгожы твар Хойнікам. Спадзяюся, што працоўныя калектывы, жыхары зробяць усё, каб навесці парадак: ад гэтага і сабе на душы будзе прыемна, і людзям жаданым таксама.

Такое не забываецца

Аб сітуацыі ў раёне ў першыя дні пасля аварыі ў Чарнобылі расказвае старшыня раённага савета ветэранаў Віктар Сцяпанавіч ВАСЬКЕВІЧ.

Чвэрць стагоддзя прайшла з тых памятных дзён красавіка 1986 года, але і сёння памяць захоўвае ўсё да дробязей – такія выпрабаванні, якія ў той час выпалі на долю людзей, не забываюцца. І зусім па-іншаму вось ужо амаль 25 гадоў мы глядзім на абрысы карты Беларусі, у думках адзначаючы не знаёмыя раней гарады і вёскі, па якіх раскідала аварыя нашых землякоў.

У той час я працаваў загадчыкам агульнага аддзела РК КПБ. Як работніку райкама партыі мне давялося быць непасрэдным удзельнікам і сведкам тых падзей, займацца эвакуацыяй насельніцтва з 30-кіламетровай зоны, прылягаючай да тэрыторыі  АЭС, вырашэннем іншых пытанняў, выкліканых катастрофай. Над ліквідацыяй вынікаў аварыі працавалі разам з калегамі па рабоце з райкама партыі,  службовымі асобамі раённага выканаўчага камітэта, кіраўнікамі гаспадарак, старшынямі сельскіх выканаўчых камітэтаў.   

Дзень 26 красавіка быў ясным, сонечным і, здавалася б, нішто не прадказвала бяды. Аднак ужо да вечара па гораду папаўзлі чуткі аб тым, што на Чарнобыльскай АЭС нешта не так. У той дзень у 18 гадзін першы сакратар РК КПБ Д. М. Дземічаў сабраў у сваім кабінеце ўсіх членаў бюро райкама, загадчыкаў аддзелаў і паведаміў аб тым, што на ЧАЭС адбылася аварыя. Аб яе дакладных падрабязнасцях у той дзень было яшчэ невядома, таму Дзмітрый Міхайлавіч папрасіў усіх прысутных праводзіць растлумачальную работу сярод насельніцтва, накіраваную на нераспаўсюджванне панікі, рознага роду чутак і плётак. Таксама было прапанавана спакойна і арганізавана працягваць вясенне-палявыя работы, рыхтавацца да святкавання ў раёне свята Першамая і Дня Перамогі.

Але потым на Хойнікшчыну зачасцілі камісіі і дэлегацыі з Масквы і Мінска, і стала зразумела, што ў Чарнобылі адбылося нешта вельмі сур’ёзнае. Першага мая ў горадзе прайшла традыцыйная святочная дэманстрацыя, але без удзелу вучняў школ і выхаванцаў дзіцячых садкоў. А дзеці і цяжарныя жанчыны з населеных пунктаў Радзінскага і Аравіцкага сельскіх Саветаў былі вывезены і размешчаны ў гарадскіх школах і прыгарадных вёсках. І ўжо тады мы даведаліся аб небяспецы радыеактыўнага забруджвання.

Вечар і ноч з 1 на 2 мая я разам са старшынёй тагачаснага калгаса "Новае жыццё" Іванам Мікалаевічам Васюком правёў у вёсках Радзінскага і Аравіцкага сельскіх Саветаў. Як маглі, супакойвалі усхваляваных людзей, аднак па паказаннях прыбораў было бачна, што сітуацыя вельмі складаная і насельніцтва, мяркуючы па ўсяму, давядзецца эвакуіраваць.

Так яно ў хуткім часе і адбылося. 3 мая ўжо ў 7 гадзін раніцы мы былі ў замацаваных за кожным населеных пунктах. Перад намі была пастаўлена задача: у самыя кароткія тэрміны забяспечыць арганізаваную вывазку насельніцтва з забруджаных радыяцыяй тэрыторый і спыніць на іх любую гаспадарчую дзейнасць. Людзям растлумачвалі, што адсяленне – мера вымушаная і часовая і таму з сабой неабходна ўзяць толькі ўсё самае неабходнае – дакументы, грошы, іншыя патрэбныя асабістыя рэчы. Тады мы самі шчыра верылі ў тое, што так на самай справе і будзе. Аднак, наступны ход падзей паказаў усю памылковасць і наіўнасць гэтых меркаванняў.

6 мая ў верхніх эшалонах улады  на ўзроўні саюзнага ЦК і Саўміна было прынята рашэнне аб адсяленні з раёна ўсіх дзяцей, іх маці і цяжарных жанчын. І ўжо назаўтра, 7 мая, гэтая вымушаная і неабходная акцыя была завершана. Ніколі не забыць хайнічанам той велізарнай і сумнай калоны з болей чым 300 аўтобусаў з нумарамі ўсіх абласцей Беларусі. А Хойнікшчына болей чым на тры доўгія месяцы была пазбаўлена звонкіх дзіцячых галасоў...

Без дзіцячых галасоў

У пачатку мая 1986 года  кіраўніцтвам былога СССР было прынята рашэнне аб эвакуацыі з горада Хойнікі і раёна ўсіх дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту разам з маці, а таксама цяжарных жанчын. Іх было запланавана размясціць у санаторыях, дамах адпачынку, пансіянатах і заводскіх прафілакторыях, піянерскіх лагерах у адпаведнасці з зараней складзенымі ва ўсіх дзіцячых установах спісамі. Размяшчаць дзяцей на новых месцах меркавалася такім чынам, каб яны былі ўсе разам з таварышамі па класах і групах, з тымі ж самымі выхавацелямі і настаўнікамі. Гэта не толькі садзейнічала большай арганізаванасці ад’езду і пражывання, але і павінна было зменшыць цяжар псіхалагічнага стрэсу, якому і дзеці, і дарослыя падвергліся ў той час.

Дзяцей і жанчын вывезлі з раёна 7 мая. Гэты дзень многім запомніўся не толькі эвакуацыяй, але і тым, што ў раёне практычна не працаваў аўтобусны транспарт – уся тэхніка была задзейнічана на адпраўцы людзей. Акрамя ўсіх хойніцкіх аўтобусаў, жанчын і дзяцей вывозілі на аўтобусным транспарце з многіх гарадоў рэспублікі – Гомеля, Мазыра, Калінкавіч, Рэчыцы, Наваполацка, Гродна, Мінска, Маладзечна, іншых гарадоў – усяго калона налічвала больш за 300 аўтобусаў.

А пасля гэтага пачаліся новыя працоўныя будні. Іх спецыфіка, у адрозненне ад ранейшага ладу жыцця, была ў тым, што не хапала ўмелых і працавітых жаночых рук у медыцыне, на прадпрыемствах гандлю, у прамысловасці (асабліва на фабрыцы мастацкіх вырабаў) і сельскай гаспадарцы. Ды і сямейным мужчынам, якія прывыклі да клапатлівага жаночага дагляду, даводзілася асвойваць няпросты халасцяцкі быт: самастойна гатаваць ежу, прыбіраць у кватэры, мыць бялізну, а ў прыватных дамах – яшчэ і даглядаць жывёлу, сад і агарод.

Выпадковыя ж з’яўленні тым летам  дзетак на хойніцкіх вуліцах успрымаліся са змешанымі пачуццямі: здзіўленнем, настальгіяй па сваіх і трывогай за тое, каб гэтае дзіцятка не хапнула тут залішняй радыяцыі. Таму нават да незнаёмых яго бацькоў людзі падыходзілі і раілі хутчэй пакінуць горад.

А яшчэ той час запомніўся перапоўненымі міжгароднімі аўтобусамі па выхадных: мужыкі ехалі праведаць сям’ю.

Закончылася ўсё толькі ў канцы жніўня, калі дзяцей і іх маці прывезлі да пачатку новага навучальнага года.

Віктар Назаранка.

аперакор.
На радасць на ўспамін…"

Кніга памяці аб чарнобыльскай катастрофе і жыцці людзей пасля яе пад назвай "Наперакор. На радасць. На ўспамін…" выйшла ў канцы мінулага года ў Мінску, у выдавецтве "Пропилен". Гэта стала магчымым дзякуючы падтрымцы Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС МНС Рэспублікі Беларусь і Беларускага аддзялення Расійска-беларускага інфарма-цыйнага цэнтра па праблемах наступстваў катастрофы на ЧАЭС (БАРБІЦ). Літаратурна-мастацкае выданне, аўтарам якога з’яўляецца наша зямлячка Любоў Дубатдзел, сааўтарам – Андрэй Асманаў – адна з ініцыятыў комплекснага праекта "Адраджэнне".

n

У кнігу ўвайшлі лепшыя творы маладога пакалення, у якіх юныя аўтары з забруджаных радыяцыяй раёнаў Беларусі, Украіны і Расіі выказалі свае адносіны да чарнобыльскай бяды. Вершы, песні і малюнкі на тэмы любові да Радзімы, прыроды, кахання адлюстроўваюць іх погляды на праблему.

Прэзентацыя кнігі праходзіла ў Брагіне, дзе былі адзначаны лепшыя работы. Сярод прызёраў навучэнец ДПТВ-183 Аляксандр Бондар. Яго вершы "Чарнобыль…", "Как много деревень осталось одиноких", прысвечаныя роднай Хойнікшчыне, аб’ядноўвае боль за малую радзіму.

Вершы Марыны Тальчук "Родина" і "Мгновение" кранаюць сваёй дабрынёй і непасрэднасцю:

...И часто снится мне
                        моя деревня...
Соседи, земляки, свои, родня,
Наш лес и дом, в саду
              & nbsp;      цветы,деревья –
Всё, что осталось близким
                              для меня...

Арцём Турчын таксама з нашага раёна прадставіў верш "Чарнобыльскі дым":

...Стаяць разбураныя хаты,
Над імі горка плачуць людзі,
Шчаслівы край,
                         сяўбой багаты,
Не будзе ўжо такім,
                                не будзе...
У ім разам з сумнымі радкамі гучыць упэўненасць у шчаслівае будучае роднага краю:
Дык давайце ўступім
                               у новы век,
Пабудуем светлы шлях,
                                як сонца...

Кніга памяці не з дапамогай матэматычных і навуковых разлікаў, а душой і сэрцам моладзі напамінае людзям аб тым, што жыццё працягваецца і новае, постчарнобыльскае пакаленне, разумее, ведае праблему мірнага атама і разам з тым верыць у будучыню і зробіць усё магчымае, каб бяда больш не здарылася.

А. Бондар, выхавальнік інтэрната ДПТВ-183 г. Хойнікі.

Наш футбол на саюзным экране

Кіраўніцтва былога СССР не вельмі ахвотна паведамляла аб вялікіх аварыях і катастрофах. Так на першым часе было і з аварыяй у Чарнобылі: толькі 2 мая, на пяты дзень пасля таго, што адбылося на ЧАЭС, у галоўнай газеце краіны – "Правде" з’явілася невялікае інфармацыйнае паведамленне без падрабязнасцей і каментарыяў. Але калі аб трагедыі ў Чарнобылі загаварыла ўся Еўропа, далейшае маўчанне савецкіх СМІ стала немагчымым.

Сітуацыя на АЭС і прылягаючых да яе тэрыторыях падавалася як часова пагоршаная, але ў цэлым нармальная і кантралюемая ўладамі. З райцэнтраў і вёсак беларускага і ўкраінскага Палесся па каналах Усесаюзнага тэлебачання ішлі рэпартажы аб вясенне-палявых работах, у якіх прымалі ўдзел людзі і тэхніка з часова (гэтае слова падкрэслівалася асабліва) адселеных вёсак. Прайшоў сюжэт і з нашага Бабчына, дзе ў тыя майскія дні справіла вяселле маладая пара з таксама пакінутай вёскі.

Але асабліва запомніўся арганізаваны пасярод рабочага дня футбольны матч паміж камандамі Хойнік і Брагіна. Не ведаю як госці, але хойніцкія работнікі спорткамітэта збіралі неабходных для пачатку гульні 11 чалавек па ўсяму гораду. Для масавасці карцінкі ў праграме "Время" адпусцілі нават рабочых з аўтарамонтнага завода і запоўнілі адзіную ў той час трыбуну стадыёна салдатамі і так званымі "партызанамі" – мабілізаванымі для выканання работ па дэзактывацыі ваеннаслужачымі запасу. Так і прайшоў пад бадзёры голас дыктара гэты сюжэт аб "чарнобыльскім футболе" ў самым пачатку галоўнай інфармацыйнай тэлепраграмы СССР. Праўда, лік гульні (4:1 на карысць хайнічан) не паведамілі.

А яшчэ ў першыя месяцы пасля аварыі зачасцілі ў наш горад і палявыя лагеры ваеннаслужачых і ўжо ўпамянутых "партызан" вядомыя беларускія артысты. Так, у адзін з майскіх дзён у раённым Доме культуры прайшоў канцэрт своеасаблівай агітбрыгады Беларускай дзяржаўнай філармоніі. У яе ўвайшлі былы "пясняр" Леанід Барткевіч, папулярныя ў той час Тамара Раеўская, Святлана Кульпа і Уладзімір Правалінскі. Не буду сцвярджаць, бо сам не бачыў, аднак людзі казалі што ў наш горад мінскія артысты ўехалі з апранутымі рэспіратарамі.

І ўсё ж самай значнай культурнай падзеяй для ўсіх, хто ў той час быў у нашым горадзе, без сумненняў, стаў ліпеньскі канцэрт вялікіх "Песняроў" на чале з самім Уладзімірам Мулявіным. Ён адбыўся на перапоўненым без усялякага прымусу хойніцкім стадыёне. Адчуваючы настрой захопленай публікі, артысты ахвотна спявалі "на біс" амаль палову кожнай выкананай песні. Асаблівае ж захапленне пераважнай мужчынскай аўдыторыі слухачоў выклікаў прыпеў адной з песень цыкла "Праз усю вайну":

Выпьем за Родину,
                   выпьем за Сталина,
  Выпьем и снова нальём!

Гэтыя радкі "Песняры паўтарылі ажно 5 разоў! Не дзіўна, што потым Уладзімір Георгіевіч не раз успамінаў гэты цёплы і кранаючы прыём, наладжаны артыстам хойніцкай публікай.